11.11.2021
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
Па добрай традыцыі кожны чацвер у нашым дзіцячым садку праводзіцца беларускамоўны дзень. Чацвер, 11 лістапада, не стаў выключэннем. Дзень роднай мовы быў прысвечаны нашай малой радзіме і насіў назву “Як цябе не любіць, мілы сэрцу куточак вялікай Айчыны!”
З самай раніцы выхаванцы ўсіх узроставых груп разам з педагогамі адправіліся ў цікавую пазнавальную вандроўку па роднаму краю. Рабяты даведаліся пра яго гістарычную спадчыну, традыцыі, культуру, пазнаёміліся з творчасцю знакамітых людзей Ганцаўшчыны, яе сучасным багаццем і славутасцямі.
Заняткі , гульні, камунікатыўныя хвілінкі, экскурсіі і іншыя формы работы з дзецьмі праводзіліся на беларускай мове, што дало магчымасць выхаванцам адчуць яе прыгажосць і мілагучнасць, выклікаць імкненне на ёй размаўляць. А метады і прыёмы , накіраваныя на выхаванне патрыятычных пачуццяў , дазволілі абудзіць у дзіцячых сэрцах цікавасць і любоў да мясцін, дзе яны нарадзіліся, павагу да сваёй бацькаўшчыны, жаданне цаніць і берагчы яе наследдзе.